Дубое. Царква Нараджэння Божай Маці
Храм
Беларусь, Брэсцкая вобл., Пінскі р., Дубое, вул. 60 год Кастрычніка, 23
Апісанне
Мястэчка Дубое перадусім вядомае сваім паркам, які лічыцца адным з самых прыгожых паркаў у Пінскім раёне. Тут захавалася шмат помнікаў гісторыі і адным з іх з'яўляецца праваслаўная царква Нараджэння Божай Маці. Храм узведзены па фундацыі Клацільды Кужэнецкай у 19 стагоддзі ў стылі класіцызму. Інтэр'ер мае васьмігранную форму. Каля царквы пабудавана драўляная званіца. Крыху далей захаваўся дом для святара. Будынак адрэстаўраваны. Царква дзейнічае.
Катэгорыі

Гістарычнае

Помнік архітэктуры
Каментары
Нататкі да месца
1Алег Дзьячкоу
06.01.2025
Дубое. Царква Нараджэння Божай Маці.
У мястэчку Дубое Пінскага раёна ёсць шмат розных гістарычных помнікаў: парк, парэшткі сядзібы, капліца, водныя каналы і многае іншае. Мясцовы парк і сядзіба былі вядомыя на ўсю Рэч Паспалітую і сюды ў 1784 годзе завітаў у госці апошні кароль і Вялікі Князь Літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
А пасярод мястэчка знаходзіцца мураваная праваслаўная царква Нараджэння Маці Божай.
Храм быў пабудаваны ў 1811 годзе на сродкі Клацільды Кужэнецкай у стылі класіцызму. Род Кужэнецкіх быў уладальнікам мясцовага маёнтка. Царква першапачаткова належыла ўніятам, а потым, пасля забароны ўніі ў 19 стагоддзі перайшла да праваслаўных вернікаў. Крыху пазней каля царквы была пабудавана драўляная званіца і дом для святара.
Царква мае цэнтрычную кампазіцыю з васьміграннай формай інтэр'ера. Асноўны аб'ём накрыты гранёным сферычным купалам. Крыху пазней да асноўнага аб'ёму быў прыбудаваны прытвор, які, як і апсіда накрыты двухскатным дахам. У інтэр'еры ёсць хоры, якія трымаюцца на драўляных калонах. Часткова захаваліся фрэскавыя роспісы ў тэхніцы грызайль. Ёсць трохярусны іканастас. Царква адрэстаўравана.
Непадалёк ад царквы захаваўся драўляны дом для святара.