Маркавічы. Варварынская крыніца.
Прыродны аб'ект
Гомельская вобласць, Гомельскі раён, в. Маркавічы
Апісанне
Калі і якім цудам была яўлена Варварынская крыніца - дакладна ніхто не памятае, але гаючыя ўласцівасці яе вады мясцовыя жыхары ведаюць даўно. Калісьці з-пад зямлі білі некалькі крыніц. Аднак да нашых дзён захавалася толькі адзіная з іх, вядомая як Варварынская крыніца. Па гаючую ваду прыходзілі і прыязджалі не толькі з навакольных вёсак, але і з Гомеля, і нават з Чарнігава. Лічыцца, што вада з мясцовай крыніцы змывае хваробы і ацаляе душу.
Катэгорыі
Актыўны адпачынак
Гідралагічны
Каментары
Нататкі да месца
1С Н
21.11.2025
Маркавічы. Варварынская крыніца.
Існуе паданне, што нейкай манашцы аднаго з чарнігаўскіх манастыроў прысніўся сон, што ў гэтым месцы неабходна знайсці крыніцу з гаючай вадой. І калі яна прыйшла ў гэтае месца, там сапраўды з'явілася крыніца. Яшчэ распавядаюць, што з надзеяй вылечыцца ад хваробы ног прыехала жанчына з Урала: яна ўбачыла ў сне, што вылечыць сваю хваробу, калі пап'е вады з гэтай крыніцы. Яна прыбыла сюды з вялікай надзеяй, і гаючая вада ёй дапамагла.
У крыніцы цікавая гісторыя: вось ужо два разы яна мяняла сваё месца. Спачатку па віне людзей - калі насыпалі дарогу, крыніца знікла. Калі па ваду прыехалі вернікі з Чарнігава, крыніцы яны не выявілі. Была сярод іх манашка, і па яе прыкладу ўсе сталі ўзносіць малітвы Богу. І неўзабаве заўважылі, як у некалькіх метрах ад іх забіла крыніца... Праз некалькі гадоў яна зноў змяніла месца, але на гэты раз па ўласнай волі.
Крыніца асвечана ў чэрвені 2020-га года. Побач з крыніцай усталяваны крыж з абразом вялікапакутніцы Варвары. На гэты крыж завязваюць аброчны ручнік, калі просяць, каб вялікапакутніца Варвара дапамагла ў бядзе, пазбавіла ад хваробы. Раней у крыніцу з гэтай мэтай кідалі манеты.
Кожны год на трэці дзень пасля Тройцы да Варварынскай крыніцы прыязджае настаяцель Екацярынінскага храма ў Гадзічава: служыць малебен і асвячае ваду. Раней пасля такога набажэнства ўсе ладзілі трапезу - за агульным "сталом" з распасцёленых абрусаў.
На крыніцу здзяйсняюць паломніцтва вернікі і манахі. Цяпер сюды часта прыязджаюць манашкі аднаго з манастыроў, каб памаліцца і набраць святой вады.
Некалькі гадоў таму праведзена добраўпарадкаванне Варварынскай крыніцы: прыведзена ў парадак тэрыторыя, пастаўлена новая агароджа, абсталявана альтанка, над крыніцай усталяваны дах-домік. У гэтай добрай справе прымалі ўдзел валанцёры з навакольных вёсак, навучэнцы Маркавіцкай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаяцеля храма святой вялікапакутніцы Кацярыны, а таксама работнікі Грабоўскага лясніцтва.
За гаючыя ўласцівасці вады Варварынскую крыніцу ў народзе да гэтага часу шануюць і берагуць: 23 чэрвеня праваслаўныя вернікі адзначаць Дзень святой Тройцы, а 25-га ля Варварынскай крыніцы зноў будзе шматлюдна.





