Знай свой край

Знай свой край

Любчанскі замак

Замак

Замак

Беларусь, Гродзенская вобласць, Навагрудскі р-н, г.п. Любча

0

136

16.06.2024

Апісанне

Любчанскі замак знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Любча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці на маляўнічым беразе ракі Нёман. Быў пабудаваны ў 1581 годзе ўплывовым магнатам ВКЛ Янам Кішкам. З'яўляецца помнікам архітэктуры ХVI-XIX стагоддзяў, які спалучае ў сабе прыкметы двух архітэктурных стыляў: готыкі і рэнесансу. Любчанскі замак унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Да пачатку рэканструкцыі ўяўляў з сябе дзве напаўразбураныя кутнія вежы XVI стагоддзя і некалькі каменных будынкаў мінулага стагоддзя, пабудаваных на падмурках палаца XIX стагоддзя, якія захаваліся.

Вэб сайт:

https://lubcza.by/

Катэгорыі

Помнік архітэктуры

Помнік архітэктуры

Гістарычнае

Гістарычнае

Крушня

Крушня

На рэстаўрацыі

На рэстаўрацыі

Месцазнаходжанне

Шырата: 53.752008 Даўгата: 26.068939

Каментары

Усяго каментароў: 0

Нататкі да месца

1

С Н

16.06.2024

Любчанскі замак

Гісторыя

Замак быў пабудаваны ў 1581 годзе, пра што сведчыць знойдзены ў ім флюгер з выбітай датай "1581". Ініцыятарам будаўніцтва замка стаў уплывовы магнат і вяльможа Вялікага княства Літоўскага Ян Кішка, які валодаў Любчай. Першапачаткова ўсе будынкі замка, акрамя адной каменнай вежы, якая бараніла ўезд, былі драўлянымі. Тэрыторыю замкавага комплексу, акрамя земляных валаў, з трох бакоў атачаў роў, а з чацвёртай - воды ракі.

У канцы XVI стагоддзя новы ўладальнік значна перабудаваў замак: былі збудаваны яшчэ тры каменныя вежы і каменныя ўнутраныя пабудовы, што значна павысіла фартыфікацыйныя характарыстыкі крэпасці.

У сярэдзіне XVII стагоддзя гаспадаром Любчанскага замка стаў таленавіты палкаводзец, Вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл, які ў 1648—1651 гадах вызначыўся ў вайне з казакамі Багдана Хмяльніцкага. Аднак войскі гетмана Івана Залатарэнкі ў 1655 годзе захапілі і спалілі Любчанскі замак, разбурыўшы дзве вежы, пасля чаго ён назаўжды страціў сваё значэнне і як ваеннае ўмацаванне, і як адна з рэзідэнцый Радзівілаў.

З тых часоў замак неаднаразова мяняў уладальнікаў, пакуль у XIX стагоддзі рэшткі ўнутраных пабудоў не былі знесены, а на іх месцы, побач з дзвюма вежамі, быў узведзены двухпавярховы палац у стылі ангельскай неаготыкі, часткова разбураны падчас Першай сусветнай вайны. У 1947-1949 гадах з выкарыстаннем падмуркаў і фрагментаў сцен палаца пабудавана сярэдняя школа. Да сярэдзіны XX стагоддзі ад замка захаваліся толькі дзве вежы.

У 1964 годзе пры школе, якая займала будынак палаца, быў арганізаваны краязнаўчы музей, стварэнне якога садзейнічала захаванню гісторыі і астатніх пабудоў замка.

У 2003 годзе створаны дабрачынны фонд "Любчанскі замак", які ўзначаліў Іван Антонавіч Пячынскі, была ажыццёўлена распрацоўка праектнай дакументацыі для правядзення рэстаўрацыйных работ. У 2011 годзе пры раскопках усходняга схілу замчышча была знойдзена падстава каменнай сцяны, якая ішла ад надбрамнай да ўсходняй вежы ў бок мястэчка, а таксама выяўлены рэшткі старога ганка, які знаходзіўся паміж замкавым флігелем і надбрамнай вежай. У ліпені 2014 года былі праведзены работы па выяўленні месцазнаходжання паўночна-заходняй вежы, якая стаяла на абрывістым беразе Нёмана. Акрамя падмурка вежы быў знойдзены і рэчавы матэрыял (у асноўным, кухонны посуд і пячная плітка XVII-XIX стагоддзяў, керамічная чарапіца, шкляны посуд XVIII-XIX стагоддзяў). Па стане на 2021 год сцены паўночна-заходняй вежы ўзняты да ўзроўню фундамента і накрыты часовым навесам, а таксама зроблены каркас купала для яе і формы для байніц, выраўнаваны і падсыпаны вал, з паўночнага захаду ён паглыблены на 2 метры. Там, дзе плануецца аднаўленне заходняй сцяны, убіты палі на глыбіню 5,5 м. Праведзены падрыхтоўчыя работы для прадаўжэння будаўніцтва паўночнай сцяны.

Архітэктура

Любчанскі замкавы комплекс размешчаны на левым беразе Нёмана на насыпным узгорку плошчай каля 0,7 га, які ўзвышаецца на 6-7 метраў над поймай ракі. У плане - прастакутнік памерамі 64×87 м, які мае чатыры кутнія вежы. Палац, які не захаваўся, і крапасныя сцены таўшчынёй 1,3 м стваралі замкнёны ўнутраны двор. Тэрыторыя з трох бакоў акружана ровам шырынёй каля 30 м і глыбінёй 7-10 м, а з чацвёртай - ракой. Такая замкнёная прасторавая кампазіцыя была тыповай для большасці палацава-замкавых ансамбляў XVI-XVIII стагоддзяў. З чатырох вежаў замка захаваліся дзве. Вежы складзены з цэглы і валуноў. Па сваім стылі замак знаходзіцца на мяжы готыкі і рэнесансу.

Галоўная паўднёва-заходняя вежа, т.зв. Надбрамная, у плане кубічная (прыкладна 10×10 м), прыкладна на палове вышыні пераходзіць у васьмерык, завершаны рэнесансным купалам з ліхтаром. Квадратная ў плане (8,3×8,3 м) паўднёва-ўсходняя вежа пабудавана ў XVII стагоддзі, мае тры ярусы і накрыта шатровым дахам. На першым паверсе меліся чатыры байніцы для стрэльбаў, на другім - чатыры гарматныя, на трэцім - 12 байніц для стрэльбаў.

Каментары

Усяго каментароў: 0