Быхаўскі замак.
Замак
Беларусь, Магілёўская вобл., г. Быхаў, Кастрычніцкая плошча, 1А.
Апісанне
У сярэднявечнай Беларусі нашу краіну часам называлі краінай замкаў. І адным з самых лепшых замкаў быў замак у Быхаве, які спачатку будавалі магнаты Хадкевічы, а затым Сапегі. У 17 стагоддзі замак лічыўся непрыступным і на яго тэрыторыі знаходзілася людвісарня і вялізныя запасы ўзбраення.
Катэгорыі

На рэстаўрацыі

Помнік архітэктуры

Гістарычнае

Літаратурны

Крушня
Каментары
Нататкі да месца
2Алег Дзьячкоу
31.08.2024
Быхаўскі замак.
Калі вы паглядзіце на герб сучаснага горада Быхава, то пабачыце на ім выяву двух гарматаў. І гэта зусім не выпадкова. Бо ў 16 – 18 стагоддзях у Быхаве існаваў адзін з самых моцных замкаў у Вялікім княстве Літоўскім. Першапачаткова замак пачалі будаваць мураваны вядомыя на Беларусі і ў княстве магнаты Хадкевічы. Самы вядомы іх прадстаўнік гетман Ян Караль Хадкевіч у 1590 годзе атрымаў прывілей на пабудову замкавых умацаванняў і да 1619 года пабудова замка была амаль скончана. Замак быў пабудаваны на высокім беразе Дняпра - у плане 77 на 100 метраў. З аднаго боку замак абараняла рака, а з 3 – х іншых знаходзіўся непасрэдна горад і там быў пракапаны шырокі больш за 20 метраў абарончы роў. Канчаткова будаўніцтва замка было завершанна ўжо пры новых гаспадарах магнатах Сапегах. Замак быў акружаны землянымі валамі з бастыёнамі, была ўязная вежа-брама. А на тэрыторыі самога замка існавала людвісарня, або гарматня, дзе адліваліся гарматы і ядра з гранатамі. У 1648 годзе замак ня здолела ўзяць войска казакаў Ф.Гаркушы. А ў час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Царствам Маскоўскім у сярэдзіне 17 стагоддзя замак вытрымаў некалькі аблогаў і менавіта тут быў забіты наказны казацкі гетман Іван Залатарэнка ў 1655 годзе, якога паслаў на дапамогу маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу яго хаўруснік Багдан Хмяльніцкі. У Паўночную вайну замак быў разрабаваны і паступова прыйшоў у поўны заняпад. У час гітлераўскай акупацыі ў 1941 года на тэрыторыі замка нацысты ўтварылі гета. За савецкім часам у мураваным корпусе былога замка працавала мясцовая мебельная фабрыка. У апошнія гады былі праведзены археалагічныя раскопкі. Праведзена рэстаўрацыя дзвух вежаў. Астатняя частка замка знаходзіцца ў аварыйным стане.
С Н
30.08.2024
Быхаў. Замак Хадкевічаў і Сапег.
У 1560–1570 гг. уладальнік Быхава, гетман ВКЛ Ян Караль Хадкевіч разам са сваім бацькам Геранімам Хадкевічам пабудавалі драўляна-земляны замак. Да канца стагоддзя драўляна-земляныя ўмацаванні з-за інтэнсіўнага развіцця артылерыі не адпавядалі рэаліям ваеннай справы ў Еўропе. У 1590 г. замак сур'ёзна пацярпеў падчас нападу казакоў Мацюшы Фёдаравіча. Гэты факт паслужыў падставай для будаўніцтва каменнага замка.
Да 1601 г. Ян Караль Хадкевіч пачынае будаўніцтва мураванай рэзідэнцыі ў Быхаве, што і дало штуршок да будаўніцтва мураванага замкава-палацавага комплексу. Да 1611 г. распачата ўзвядзенне бастыённых умацаванняў і сцен замка зяцем Яна Караля Хадкевіча Янам Станіславам Сапегам. У гэты час у замку ўжо існавала "сталовая хата" - месца для прыёму і размяшчэння афіцыйных дэлегацый. Канчаткова замак быў дабудаваны толькі да 1637 г. У будаўніцтве замка бралі ўдзел архітэктары, якія навучаліся ў Цэнтральнай, Паўднёвай і Паўночнай Еўропе. Замак уяўляў сабой няправільны прастакутнік, у самай шырокай частцы які дасягае 104 метра, а ў самай вузкай 76 метраў. Замак акружалі равы глыбінёй 15 метраў і шырынёй да 27 метраў. Вонкавыя межы замка затулялі бастыёны з артылерыйскімі батарэямі.
У 1659 г. падчас аблог Быхава маскоўскімі войскамі і ўкраінскімі казакамі падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай Быхаўскі замак атрымаў значныя разбурэнні. Так, быў узарваны парахавы склеп у замку і была знішчана паўночная замкавая вежа з часткай паўночнага замкавага корпуса. Пасля заканчэння баявых дзеянняў замкавы комплекс быў адноўлены без замкавай паўночнай вежы, але з павялічаным жылым корпусам. У гады войнаў шляхецкіх груповак (1696–1702 гг.) і Паўночнай вайны (1700–1721 гг.) Быхаў таксама падвергся неаднаразовым аблогам. Найбольшыя разбурэнні замак атрымаў падчас аблог рускім войскам у 1702 і 1707 гг.
З уваходжаннем Быхава ў склад Расійскай імперыі ў 1772 г. роля замка як прадстаўніцкага і абарончага аб'екта спынілася. У замку размяшчаліся салдацкія казармы, турма, вайсковыя склады.
У 1941 г. на тэрыторыі Быхаўскага замка гітлераўцамі было арганізавана яўрэйскае гета, пазней - шпіталь.
У пасляваенны час на тэрыторыі замка размяшчалася школа малодшага каманднага саставу, склады, мэблевая фабрыка. Прыватны прадпрымальнік, які ўзяў у арэнду ў канцы 2000-х гг. вытворчыя памяшканні на тэрыторыі замкавага комплексу, не змог уберагчы помнік ад пажару.
У 2013 г. у рамках дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" ў замку праведзены работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, кансервацыі замка і частковым аднаўленні дзвюх веж. Палацавы комплекс знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.